ДЫФРА́КЦЫЯ ХВАЛЬ,

з’ява адхілення хваль ад прамалінейнага распаўсюджвання ў асяроддзях з рэзка выражанымі неаднароднасцямі (напр., з перашкодамі). Пры гэтым хвалі агінаюць перашкоды і трапляюць у вобласць геам. ценю. Прырода Д.х. тлумачыцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу.

Д.х. найб. выразна праяўляецца ў выпадках, калі памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі λ. Таму дыфракцыя гукавых хваль (λ~1 см), паверхневых хваль на вадзе (λ~1 м) і радыёхваль (λ~100 м і больш) назіраецца ў натуральных умовах, а дыфракцыя святла (λ~10​−6 — 10​−7м) патрабуе спец. умоў (вузкія шчыліны, адтуліны і інш.). Гл. таксама Дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў, Дыфракцыя часціц.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыя хваль. Праходжанне плоскай гукавой хвалі праз адтуліны розных памераў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)